ВІ́ЦЕБСКАЯ ВУЧО́НАЯ АРХІ́ЎНАЯ КАМІ́СІЯ,
гістарычнае т-ва Віцебскай губ. ў 1909—19. Створана 13.6.1909 па ініцыятыве Е.Р.Раманава, А.П.Сапунова, В.С.Арсеньева. Мела на мэце ахову помнікаў гісторыі і культуры, вывучэнне і папулярызацыю гісторыі роднага краю, збор прадметаў старажытнасці, старадаўніх рукапісаў і дакументаў, правядзенне археал. раскопак, выданне навук. і папулярных прац. У канцы 1910 налічвала 28 членаў-заснавальнікаў, 99 ганаровых і 325 правадз. членаў, 15 членаў-супрацоўнікаў. Старшыні камісіі: Арсеньеў, У.А.Кадыгробаў, К.І.Ціхаміраў. Мела праўленне, савет, гіст. Архіў, музей, б-ку. Існавала на субсідыі ўрада, членскія ўзносы, грашовыя ахвяраванні, зборы з лекцый. У 1910 па яе ініцыятыве адкрыты Віцебскі настаўніцкі інстытут, у 1911 — Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута. Выдавала перыядычны зб. «Полацка-Віцебская даўніна». Скасавана ў сувязі з утварэннем Віцебскага губ. архіўнага ўпраўлення.
т. 4, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)